Ветэраны не застаюцца без увагi прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

Сустрэча з Галінай Станіславаўнай Казубоўскай – заўсёды асалода і крыніца натхнення і жыццялюбства.

Люблю, таму што жыву, жыву, таму што люблю…Таму цудоўным ліпеньскім днём старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ала Прылоўская і намеснік старшыні Святлана Кахновіч накіраваліся ў маляўнічую палескую вёсачку Лісяцічы, каб падзяліцца навінамі, параіцца, пацікавіцца, што радуе і хвалюе ветэрана педагагічнай працы. І зноў упэўніліся, што вакол Галіны Станіславаўны кіпіць жыццё.

Родныя і блізкія людзі не забываюць, наведваюць, тэлефануюць, паспявае гародніна і садавіна, цешаць вока мілыя сэрцу кветкі і дрэвы. А самыя прыемныя навіны, калі людзі выбіраюць Лісяцічы для пастаяннага або часовага месца жыхарства: купляюць будынкі, рамантуюць і жывуць круглы год або з вясны да восені.

Але есць і турботы: непакоіць ветэрана стан возера каля вёскі, бабры-будаўнікі робяць сваю справу, а крынічка заціхае. Спадзяецца Галіна Станіславаўна на дапамогу зацікаўленых і неабыякавых людзей.

“Жыццё любіць, з душэўнасцю ставіцца да кожнага чалавека, за кожны дзень дзякаваць,” – гаворыць гэтая мудрая жанчына і шле прывітанне ўсім, хто яе ведае і помніць.

Падрыхтавала Іна УРБАНОВІЧ.